Ліцэйскі Дзень снегу – гэта здОрава і здарОва !!!
Як можна правесці суботні дзень? – спыталі мы ў ліцэістаў.
Можна наведаць курсы або факультатыўныя заняткі, каб пашырыць кругагляд і атрымаць грунтоўныя веды па профільных прадметах, – адказаў адзін.
Можна паехаць з бацькамі на дачу або ў вёску, каб адпачыць, каб падыхаць свежым паветрам, пакаштаваць духмянай гарбаты з бабулінымі пірагамі, – такі быў адказ другога.
Здорава было б пакатацца на лыжах або на каньках! – з дзіцячай гарэзлівасцю і з агеньчыкамі ў вачах адказаў трэці.
27 студзеня ў нашай навучальнай установе па-спартыўнаму весела і па-ліцэйску незабыўна прайшло спартыўнае мерапрыемства – Дзень снегу. Дзякуючы педагагічнаму вопыту і метадычна прадуманым дзеянням настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя Рымкевіча У.В., Косцінай А.А., Цукровай А.Л. занятак па душы на свежым паветры знайшоўся кожнаму, ніхто не замерз, а, наадварот, атрымаў зарад здароўя, бадзёрасці і цудоўнага настрою!Трэба сказаць, што ў гэтую суботу ліцэісты паспелі ўсё: і наведаць курсы, і пабраць удзел у эстафеце, і паспаборнічаць паміж класамі, і пакатацца на лыжах разам з настаўнікамі Івановай К.К., Пасрэднікавай С.Я.,Сіваевым Ю.У., і пагуляць у хакей з намеснікам дырэктара Грабцэвічам У. І., і пагуляць у сняжкі адно з адным ці нават далучыць да зімовых гульняў намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Тышчанка Т.М. і педагога-псіхолага Казлову Л.М.
Галоўнымі балельшчыкамі – так званай групай падтрымкі юных спартсменаў – былі класныя кіраўнікі – Завадская Д.Ю. і Люп Л.А., а добраахвотнымі памочнікамі – выпускнікі ліцэя.
А якая смачная ды духмяная атрымалася гарачая гарбата з пірагамі “ад Цімафееўны”! Такой смакаты не пакаштуеш больш нідзе!
Ліцэйскі Дзень снегу – гэта свята спорту і дружбы, гэта яскравы прыклад здаровага ладу жыцця, гэта здОрава і здарОва !!!
Аўтар нататкі настаўнік беларускай мовы і літаратуры Люп Л.А.