Сустрэча, якая натхняе…

Сустрэча, якая натхняе…

28 верасня ў наш ліцэй завіталі беларускія паэты Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк, арганізаваць сустрэчу дапамог кіраўнік Таварыства беларускай мовы ў Магілёве Алег Дзьячкоў. Пачаў выступленне спадар Леанід, і перш за ўсё ён прачытаў некалькі прыгожых вершаваных радкоў, прысвечаных Магілёву:

А мы не любім лішніх слоў,

Таму без лішніх слоў мы кажам:

“Цудоўны горад Магілёў

У роднай Беларусі нашай!"

Гэтыя вершаваныя радкі задалі добры настрой на ўвесь час размовы. Потым паэт падзяліўся з намі тым, што яго любімым творам Я.Купалы з'яўляецца верш "На Купалле", і прачытаў яго. Ён зрабіў гэта так таленавіта, што верш уразіў кожнага з нас. Мы пагутарылі пра творчасць Янкі Купалы і яе ролю ў фарміраванні беларускай літаратуры. Далей спадар Леанід пазнаёміў нас з часопісам "Верасень", галоўным рэдактарам якога з'яўляецца Эдуард Акулін. Ён расказаў, што часопіс у асноўным прызначаны творчасці юных паэтаў, празаікаў, драматургаў, публіцыстаў, і таму супрацоўнікі часопіса шукаюць па ўсёй Беларусі таленавітых людзей, запрашаюць іх друкавацца ў цудоўным часопісе “Верасень”. Усе словы, сказаныя пра часопіс "Верасень", адлюстроўвалі вялікі гонар паэтаў за вынік іх штодзённай працы. Затым мы даведаліся, як і чаму Леанід Дранько-Майсюк пачаў пісаць. Аказваецца, першы верш паэт напісаў яшчэ ў 4-ым класе, і ён быў прысвечаны яго першаму каханню. Гэта быў дзіцячы наіўны вершык, за які хлопчык атрымаў у свой час пацалунак. Потым ён прачытаў нам яшчэ некалькі вершаў і казак, сярод якіх былі і вясёлыя, і кранальныя. Паказаў сваю кнігу "Натуральны, як лінія небасхілу", прысвечаную Максіму Танку”, і расказаў крыху пра яе. Усё гэта ён зрабіў дзеля таго, каб заахвоціць нас пісаць, думаць, чытаць і размаўляць на беларускай мове. Мы зноў зачыталі разам верш пра Магілёў і пачалі слухаць Эдуарда Акуліна. Эдуард Аляксандравіч  таксама распавёў нам крыху пра “Верасень”, і мы даведаліся, што ў часопісе надрукаваны вершы нашай зямлячкі Веранікі Міхайлавай. Потым мы паслухалі некалькі цікавых гумарыстычных гісторый з яго жыцця. Затым ён паведаміў пра гісторыю свайго першага кахання. Гэта адбылося, калі яму было 15 год. Яго каханая стала музай Эдуарда Аляксандравіча на ўсё жыццё. У заканчэнні гутаркі спадар Эдуард, які з'яўляецца не толькі пісьменнікам, але і бардам, выканаў для нас некалькі цудоўных песень, якія вельмі спадабаліся ўсім: мы спявалі іх разам з ім, і гучныя апладысменты яшчэ доўга не сціхалі. І на гэтай прыемнай ноце наша сустрэча скончылася, але мы доўга яшчэ не адпускалі паэтаў: некаторыя бралі аўтографы, іншыя фатаграфаліся на памяць…

Сустрэча з беларускімі паэтамі натхніла нас на творчасць. Добра было сядзець у нашай утульнай зале і адчуваць жаданне тварыць, нягледзячы на адсутнасць здольнасцяў у некаторых з нас. Цікава было слухаць гэтых харызматычных людзей і прыемна было, што між намі не адчуваецца ніякай адлегласці. Яны паводзілі сябе з намі, як са старымі знаёмымі. Нам вельмі пашанцавала сустрэцца з такімі выдатнымі асобамі!

Ад душы дзякуем усім арганізатарам мерапрыемства: намесніку дырэктара ліцэя Савіч Надзеі Іванаўне, кіраўніку Таварыства беларускай мовы ў Магілёве Алегу Дзьячкову і нашым настаўніцам роднай мовы Людміле Артураўне, Святлане Міхайлаўне і Наталлі Пятроўне.

З захапленнем сачыла за ходам мерапрыемства і ўдзельнічала

Анішчанкава Ганна з 11 “Ж”

video: