21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

Адкрываю, як свет нанова 

Беларускае роднае слова.

Ала Канапелька

Сваё падарожжа ў родную беларускую мову чалавек можа пачаць у любым узросце. Было б жаданне... Некаторым пашчасціла: яны чуюць родныя словы з вуснаў маці з дня нараджэння. Іншыя прыходзяць да знаёмства з мовай у школе ці ліцэі. А ёсць і такія, якім адкрываецца ўся прыгожосць мовы толькі са студэнцтва ці значна пазней.

Любіць і выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці родную мову можа любы чалавек.

У Міжнародны дзень роднай мовы ліцэісткі 11 “Е” класа Ксенія, Насця і Вольга правялі апытанне “Любімае беларускае слова” і высветлiлi, якія словы даспадобы нашаму ліцэйскаму братэрству. І вось што яны даведаліся.

Колькі цудоўных слоў існуе ў нашай роднай мове! Казка, адпачынак, Радзіма, сонейка, суніцы, аксаміт, шчырасць, пяшчота, прыгажосць, вясёлка, раніца, цудоўна, натхненне, дыямент, лядоўня, хмарачос, чаравічкі, трускалкі, медзведзяня, люстэрка, далькажык, даспадобы, дабрабыт, альтанка, валацугі, бульба, бусел, ажына, гоман, грошы... Добры дзень! Дабранач! Да пабачэння! Смачна есці!

І самымі папулярнымі аказаліся словы: КАХАННЕ, МАЦІ, ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ.

Спадзяемся, што і ў вас з’явілася жаданне зазірнуць у глыбіні сваёй роднай мовы....

Нізашто не скажаш ніколі,

Лепш не выкажаш радасці, болю

У адзіным, адным толькі слове,

Як на мове сваёй, роднай мове.

                                                                                     Авяр'ян Дзеружынскі

Вялікі дзякуй за ўдзел у апытанні выказваем усім шчырым людзям: і ліцэiстам, і настаўнікам.