Беларускi нацыянальны касцюм
“Беларускі нацыянальны касцюм вельмі да твару сучаснай дзяўчыне”, – да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі мерапрыемства БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ КАСЦЮМ. У мерапрыесмтве бралі ўдзел вучні 9 “Б” і 11 “А” класаў. Арганізатарамі былі Люп Л.А., Заяц С.І. і Строчыкава С.А.
Напярэдадні свята вясны, 7 сакавіка, да ліцэістаў завітала Святлана Барысаўна Рыбакова – дырэктар Магілёўскага этнаграфічнага музея – філіяла краязнаўчага музея.
Святлана Барысаўна шмат гадоў займаецца вывучэннем і захаваннем нацыянальнага касцюма, яго гісторыі, асаблівасцей арнаменту і каларыстыкі. Яна паведаміла, што народнае адзенне з’яўляецца яскравым здабыткам нацыянальнай культуры. Нягледзячы на цяжкія гістарычныя ўмовы, на ваенныя ліхалецці, беларусы стваралі ўзоры народнага мастацтва, у якіх сцвярджалі свае эстэтычныя ідэалы, выраблялі касцюм з тонкім густам і на высокім узроўні майстэрства.
Дырэктар музея пазнаёміла вучняў ліцэя з унікальнымі строямі ручной работы, вырабленымі старадаўнімі майстрыхамі Магілёўшчыны.
Мадэллю для дэманстрацыі народнага касцюма стала вучаніца 11 “А” класа Ксенія Палунчанка. На нашых вачах Ксенія ператварылася з сучаснай выпускніцы ў прыгажуню – беларусачку, падобную да купалаўскай Бандароўны ці да мележаўскай Ганны Чарнушкі. Якая прыгажосць!