Чароўнае падарожжа ў старажытнасць
Чароўнае падарожжа ў старажытнасць здзейснілі навучэнцы 8”Б”, 8”В”, 10 “Е” са сваімі класнымі кіраўнікамі Собаль М.В., Пшанічнікавай В.В., Мяцёлкінай С.М . і настаўніцай Філімоненка Н.П. Здавалася, Магілёў і Нясвіж аддзяляе вялікая адлегласць (ехаць каля 5 гадзін), але гэты час, праведзены ў вясёлай пазітыўнай кампаніі, прайшоў практычна незаўважна. А яшчэ ў нас быў цудоўны экскурсавод Людміла Іванаўна, якая на працягу ўсяго шляху расказвала пра асаблівасці геаграфічнай і гісторыка-культурнай спадчыны нашай Беларусі, ні на хвіліну не спыняючыся.
Вось мы ў прыехалі ў Нясвіж, атрымалі білеты. Пачалася наша экскурсія. Мы прайшліся па старажытным парку, пабывалі ў глыбіні стагоддзяў- у сценах палаца Радзівілаў, магутных магнатаў Вялікага Княства Літоўскага (дарэчы, палац пабудаваны па праекце італьянскага архітэктара Джавані Марыя Бернардоні), даведаліся пра тое, як яны жылі, чым захапляліся. Наведалі шматлікія музейныя залы : Каралеўскі, Гетманскі, Залаты, Мармуровы, Паляўнічы і іншыя,- кожны з якіх мае непаўторнае мастацкае афармленне. Запомніўся нам, канечне ж, і пакой са “спецэфектамі”, дзе мы пачулі шум дажджу, пабачылі мадэль тэатра, “марскую” панараму з караблікамі...
Нясвіжскі палац авеяны шматлікімі легендамі. Кажуць, начамі па апусцелах залах палаца блукае здань Чорнай панны – Барбары Радзівіл. А яшчэ быццам у палацы ёсць падземны тунэль, які калісьці аб’ядноўваў Нясвіжскі палац з Мірскім, і там, магчыма, схаваны знакаміты клад Радзівілаў.
Калі Нясвіжскі палац захапіў нас сваім унутраным убраннем, то Мірскі ўразіў сваім знешнім выглядам (быў пабудаваны ў ХVІ стагоддзі магнатам Юрыем Ільінічам) . Сярэдневяковыя тоўстыя сцены, вузкія пераходы, крутыя лесвіцы і велічны знешні выгляд Мірскага палаца акунулі нас ў гістарычныя фільмы. Вось мы ўявілі, што да палаца пад’язджае карэта ў суправаджэнні рыцараў, а там дзяўчына ў шыкоўным пышным адзенні паднімаецца па крутой лесвіцы, а вось у зале каля каміна сядзяць князі ў старажытным убранні і вядуць цікавую гутарку... Сёння ж у Мірскім палацы у час нашай экскурсіі мы ўбачылі рэгістрацыю шлюбу (практычна кожны з нас захацеў менавіта тут пачаць гісторыю нараджэння сваёй сям’і). Пасля экскурсіі мы яшчэ пахадзілі па іншых пакоях палаца, а некаторыя нават падняліся на замкавыя вежы.
Набыўшы сабе цікавыя сувеніры, магніцікі, кошыкі, мы сабраліся ў аўтобусе і з вясёлым настроем, песнямі і гісторыямі вярнуліся ў свой родны Магілёў.
Гэтая экскурсія дабавіла нам жадання пабываць і ў іншых цікавых месцах і палацах Беларусі, бо той, хто пабывае ў нашых славутых беларускіх палацах, трапляе ў іншы свет. Свет, поўны загадак, чароўных гісторый. Жадаем вам таксама многа падарожнічаць па нашай краіне, кожны раз адкрываць для сябе нашу любімую Беларусь.