Нілу Сымонавічу Гілевічу 85 год

Мы тройчы дзеці ў вечным крузе:

Мы дзеці роднае сям 'і,

I дзеці Маці-Беларусі,

I дзеці Матухны-Зямлі.

30 верасня прыхільнікі беларускай літаратуры адзначылі 85 год з дня нараджэння слыннага паэта, вучонага, фалькларыста, мысляра, таленавітага чалавека і грамадскага дзеяча Ніла Сымонавіча Гілевіча.

Напярэдадні гэтай даты клуб «Натхненне» Палаца культуры вобласці і магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы імя Скарыны ладзілі імпрэзу, прысвечаную Паэту. Вечарына была кранальна цёплай і багатай на ўспаміны, вершы, песні. Прыйшлі туды і мы – дзяўчаткі-ліцэісткі з 11 “Е”, Святлана Міхайлаўна і я.

Я была яшчэ і таму, што Ніл Гілевіч быў маім Настаўнікам. Я не буду расказваць, які ён паэт, аб гэтым вы ведаеце з вашых урокаў. Я зараз аб тым, якім ён быў для мяне…

Дзіўна і незразумела, але да Ніла Сымонавіча мы, студэнты, ставіліся перш за ўсё як да выкладчыка беларускага фальклору, які чытаў лекцыі, ладзіў для нас фальклорныя экспедыцыі, прымаў экзамены… А потым ужо, недзе на другім плане, ён быў для нас літаратарам. Мо таму адзін-адзіны яго аўтограф застаўся толькі ў маёй залікоўцы, якая недзе знікла, напэўна, у архівах універсітэта.

І фотаздымкаў не засталося… Але калісьці адзін мудры малады чалавек сказаў мне, што самыя лепшыя фотаздымкі – фотаздымкі, зробленыя сэрцам. Думаю, ён меў рацыю: ну як перадаць на здымку мімалётнасць погляду, усмешкі? Як перадаць гэты непараўнальны тэмбр голасу, калі Ніл Сымонавіч чытаў вершы ці напяваў іншы раз радкі з народнай песні? Як перадаць маўчанне, калі словы непатрэбны?..

Ён уваходзіў у аўдыторыю – высокі, моцны, прыгожы, неяк асабліва радасна вітаўся і вёў нас у той свет, які ён любіў… Ён хацеў, каб любілі яго і мы; ён хацеў, каб і мы адчулі сябе часцінкай беларускага народа, яго культуры...

Можа, і не адразу, але гэта з намі адбылося.

Мы адбыліся.

Тыдзень таму натрапіла на верш Ніла Гілевіча. І падумала: як так здарылася, што ён адказаў на пытанне, якое мне доўгі час не давала спакою? Містыка…

Шкадуеш, што на памяць нават дробязi

Аб тым, далёкiм, у цябе няма?

Калi з былым нiякай iншай повязi

То i аб гэткай шкадаваць дарма.

Калi ж хоць нешта ў сэрцы азываецца

Шчымлiвым болем, светлаю журбой,

Дык, значыць, тое ўсё, што варта памяцi,

Табе падорана - яно з табой.

Так, яно са мной….

Надзея Іванаўна