Свята, якое заўсёды з табой.
Ліцэісты любяць не толькі плённа працаваць, перамагаць у розных конкурсах і на алімпіядах усіх узроўняў. Яны з задавальненнем прымаюць удзел і ў пазнавальна-забаўляльных конкурсах і мерапрыемствах, якія праводзяцца ў межах прадметных тыдняў.
Напрыканцы зімы ў ліцэі прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры.
Традыцыйна весела прайшла акцыя “Гавары са мной па-беларуску...”, арганізаваная і праведзеная вучнямі 10”Е” класа разам з настаўнікамі, сімваламі якой сталі чырвона-зялёныя стужачкі і смачныя цукерачкі.
Асаблівая ўвага на працягу тыдня надавалася беларускай мове. Было цікава адкрываць для сябе і новыя беларускія словы, і ўзгадваць залацінкі роднай мовы, што ўжо даўно вядомы, спачатку на ўроках, а потым і на перапынках. Родная мова - гэта тое, што адрознівае нас ад іншых народаў. І ліцэісты, і настаўнікі з задавальненнем называлі незвычайныя беларускія словы і запісвалі на лісточках. Вынікам акцыі стала дрэва “Роднае беларускае слова”.
Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Уладзімір Караткевіч, Іван Мележ, Іван Шамякін- пісьменнікі-юбіляры, іх жыццё і творчасць на карысць Радзімы былі ў цэнтры ўвагі конкурсу “Літаратурны калейдаскоп”, у якім спаборнічалі вучні 10 “Г”, 10 “Е” і 11 “Б” класаў.
Самым доўгачаканым і вялікім мерапрыемствам тыдня беларускай мовы і літаратуры стаў “Беларускі кірмаш”.
Усе з нецярплівасцю чакалі чацвер, бо іменна на гэты дзень было прызначана свята беларускай культуры. Вяселле, музыка, спевы, жывое беларускае слова і многа смачных беларускіх страў – усё радавала і тых, хто прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі свята, і тых, хто прыйшоў паглядзець і пачаставацца. А з якой фантазіяй і пяшчотай ліцэісты гатавалі традыцыйныя і сучасныя беларускія стравы! Чаго тут толькі не было! І дранікі пад беларускім соусам, і канапэ з салёным гурочкам і сальцам, і пірагі з разнастайным начыннем, нават з апельсінкамі, і блінцы “Чароўныя” з тваражком і разынкамі, і бліны з яблычкам, і аладкі ад шчодрай бабкі, і печыва з прадказаннямі... Кожны з прысутных мог сагрэцца кубачкам бясплатнага гарачага чаю. Радасцю і пазітывам свяціліся вочы ўсіх прысутных на свяце. За творчасць, кулінарнае майстэрства і крэатыўнасць дзякуем вучням 10 “К”, 8 “Б”, 10 “Е”, 10 “В”, 9 “Д”, 11 “Б” класаў.
Тыдзень беларускай мовы і літаратуры - свята, якое засталося ў душы, пакінула глыбокі след у сэрцы, прымусіла задумацца аб усведамленні сябе як прадстаўніка такой шчырай, пазітыўнай, гасціннай, працавітай нацыі – адчуць сябе сапраўдным беларусам...
Метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры выказвае падзяку ўсім, хто прыняў актыўны ўдзел у мерапрыемствах тыдня!