«Мы, беларусы, маем свой стрыжань»
«Мы, беларусы, маем свой стрыжань», – так называецца творчая праца Мельнікавай Паліны, вучаніцы 11 “Г” класа УА “Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй №1”. Яе эсэ апублікавана на старонках рэспубліканскай газеты “Звязда” як адна з найлепшых работ творчага конкурсу “Адзіная краіна – адзіны народ”. Конкурс быў абвешчаны сумесна з БРСМ у Год гістарычнай памяці і працягваецца ў Год народнага адзінства.
“Як і стагоддзі таму, нас яднае шчырая вера. Мы, беларусы, маем свой стрыжань – эмпатыю. Гэта здольнасць да шчырага суперажывання, імкненне падзяліць чужы боль, дапамагчы тым, хто трапіў у бяду, – так лічыць Паліна. – Але калі хто паквапіцца на нашу зямлю, то знойдзе ў ёй свой апошні прытулак. Як і раней, сваю Бацькаўшчыну мы нікому не аддадзім”. “Паліна Мельнікава – вельмі адказная вучаніца, якая сур’ёзна займаецца падрыхтоўкай да алімпіяды па хіміі ( у яе былі ўжо перамогі на гарадской алімпіядзе ў мінулым годзе) і да ЦТ па біялогіі”. “ Яна марыць стаць доктарам і мэтанакіравана ідзе да сваёй будучай прафесіі. Разам з тым, Паліна – творчая натура, мастак, які тонка ўмее бачыць і адчуваць прыгажосць, ствараць яе сваімі рукамі”. “У яе асаблівыя, кранальныя адносіны да роднай мовы і гісторыі Беларусі. Дзяўчына выхавана на лепшых традыцыях беларускага народа, з высокім пачуццём нацыянальнай самасвядомасці, за што наша, настаўнікаў ліцэя, падзяка яе маці”, – такія словы сказалі пра адну з лепшых сваіх вучаніц, Паліну Мельнікаву, яе настаўнікі: Маісеева Алена Міхайлаўна, Гетманава Людміла Мікалаеўна, Люп Людміла Артураўна.