Мы шануем родную мову і традыцыі свайго народа

“Мы шануем родную мову і традыцыі свайго народа не толькі ў дні правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры...”

“Мы шануем родную мову і традыцыі свайго народа не толькі падчас тыдня беларускай мовы і літаратуры...” – такія словы прагучалі ад самых актыўных удзельнікаў мерапрыемстваў, прымеркаваных да тыдня беларускай мовы і літаратуры, які адбываўся ў ліцэі з 25 лютага па 1 сакавіка. “Святочна, разнастайна, весела, цудоўна, мілагучна, актыўна, смачна, цукерачна, займальна, яскрава, паэтычна, па-беларуску, патрыятычна, сонечна, музычна, пазнавальна, песенна! ” – такія словы падабралі ліцэісты і настаўнікі, каб адным словам-прыслоўем адказаць на пытанне: як прайшоў тыдзень роднай мовы і літаратуры сёлета? А звярніце ўвагу, якія арыгінальныя назвы падабралі нашы вучні для страў, прыгатаваных да “Беларускага кірмашу”, які адбыўся ў апошні дзень зімы: пірожныя “Бульбачка”, смажанкі “Ліцэйскія”, печыва “Галінкі вярбы”, бліны “Ад бабулі Зіны”, пірог “Шляхта”, пячэнне “Дзьмухаўцы ў глазуры”, пончыкі “Рамоначкі”, печанюхі “Завіруха”, дранікі “Па-беларуску са смятанай і шкваркамі”, пячэнне “Першае каханне” і гэты спіс далёка не ўвесь. Шчыра запрашалі ў сваё кафэ “ТАК” Таццяна Анатольеўна, Арыша і Ксенія, яны прадумалі і цікавы рэкламны падыход, і святочнае афармленне, і смачныя разнасолы на любы густ.  Некаторыя вучні цікава прадставілі на кірмашы стравы яўрэйскай нацыянальнай кухні.

Падтрымлівалі ўсеагульны кірмашовы настрой спевамі народных песень не толькі вучні, але і настаўнікі –  Цімафееў В.А. і  Кагачэўскі А.А.

Усе прысмакі, прыгатаваныя і разрэкламаваныя ліцэістамі, разышліся імгненна! Бясплатна частавалі ўсіх духмянай гарачай гарбатай дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах: Палінка, Кацярынка, Алеся, Ганначка. Кірмаш ліцэісты, настаўнікі і нават тэхнічныя работнікі палюбілі даўно – і таму яго заўсёды чакаюць з нецярплівасцю!

Таццяна Міхайлаўна Тышчанка, намеснік дырэктара ліцэя па выхаваўчай рабоце, дала самую высокую адзнаку праведзеным мерапрыемствам тыдня, падкрэсліла іх значэнне ў выхаванні нацыянальнай самасвядомасці ліцэістаў, юных грамадзян Рэспублікі Беларусь.

аўтар Люп Л.А. кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы