Онлайн-проект. Февраль 2024

6 лютага 2024 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння  паэта А. Куляшова.

Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1928 годзе пасля заканчэння сямігодкі юнак паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, пасябраваў з таленавітымі паэтамі-маладнякоўцамі — Змітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным, якія вучыліся разам з ім. У 1930 годзе Аркадзь Куляшоў пераехаў у Мінск і стаў студэнтам літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933 года. паэт працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на Беларускім радыё (1934—1936), быў літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1936—1937).

         Вайна напаткала Аркадзя Куляшова на Хоцімшчыне. Вярнуўшыся ў Мінск, ён не застаў сям’і. Адступленне нашых войскаў, жорсткія налёты фашысцкай авіяцыі, незлічоныя людскія ахвяры на вуліцах палаючай сталіцы — усё гэта ўразіла паэта нечаканасцю і трагізмам. 24 чэрвеня 1941 года ён пакінуў ахоплены пажарам горад. «Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны, родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны», — напісаў Куляшоў у паэме «Сцяг брыгады». Паэт апрануў шынель, каб абараніць Радзіму ад ворага і прайсці разам з суайчыннікамі праз цяжкія выпрабаванні. Аркадзя Куляшова накіравалі ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам. З ліпеня 1941 года ён працаваў на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов». Вялікай папулярнасцю карысталіся яго вершы і гумарыстычныя творы пра байца Аляксея Пятрова. Са снежня 1943 года і да вызвалення Беларусі паэт знаходзіўся ў Беларускім штабе партызанскага руху. У гады Вялікай Айчыннай вайны змяніліся тэмы і вобразы куляшоўскай паэзіі. «Даў я ёй і лыжку запхнуў за халяву, каб ні на крок не пасмела ад часу адстаць» — такія радкі Аркадзь Аляксандравіч напіша пазней у вершы «Размова з патомкам» (1952). На старонках франтавога друку паэт расказваў пра суровую праўду змагання з фашыстамі: пра мужнасць і стойкасць байца на Бранскім фронце, якога фашысты на марозе аблілі вадой; пра безыменнага мінамётчыка, што на сваім участку стрымліваў наступленне фашысцкай дывізіі; пра дзяцей і сястру камандзіра партызанскай брыгады Міная Шмырова, расстраляных ворагамі, а таксама мужных беларускіх дзяўчат, якіх фашысты вывезлі ў Германію, але не змаглі зламаць духоўна.

        У гады вайны паэт стварыў баладны цыкл пра подзвіг беларускага народа ў гады ліхалецця, у якім вылучаюцца вершы-балады «Млынар », «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Маці», «Балада аб чатырох заложніках», «Балада аб знойдзенай падкове». Яны грунтуюцца на канкрэтных падзеях і адлюстроўваюць суровую біяграфію ваеннага пакалення, а таксама паказваюць крыніцу духоўнай сілы чалавека. У вершах пісьменніка ваеннага часу чуецца светлы, пранікнёны, узнёсла-балючы голас чалавека, грамадзяніна, байца. Героі яго твораў — асобы рэальныя і легендарныя, драматычныя і бессмяротныя. Яны аддаюць сваё жыццё за маральныя каштоўнасці ўсяго чалавецтва. Ва ўмовах франтавога жыцця Аркадзь Куляшоў здолеў напісаць выдатныя мастацкія творы за незвычайна кароткі час. У верасні — кастрычніку 1942 года з’явілася паэма «Сцяг брыгады» — кніга пра байца, які зведаў горыч разгрому брыгады, страту баявых сяброў, але выйшаў з варожага акружэння разам з параненым камісарам.

           Пасля вайны на працягу 1945—1946 гадоў быў рэдактарам газеты «Літаратура і Мастацтва», потым старшынём сцэнарнага аддзелу, і ўрэшце з 1958 да 1967 году галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм». Паэтычная творчасць А. Куляшова вельмі разнастайная і шматпланавая як у тэматычных, так і ў жанравых адносінах. Аўтар цесна суадносіць ідэйную накіраванасць сваіх вершаў з часам іх напісання, імкнецца адлюстраваць у іх эпоху, пачынаючы ад праблем мясцовых і вырастаючы да асэнсавання глабальных агульначалавечых аспектаў. Сярод самых папулярных пасляваенных кніг беларускіх аўтараў былі «Выбраныя вершы і творы» (1948) Аркадзя Куляшова. Пазней выдадзены Зборы твораў у 2-х (1957, 1964), 4-х (1966—1967), 5-ці тамах (1974—1977). Сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце» (з А. Кучарам, пастаўлены ў 1958), «Першыя выпрабаванні» (па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1960—1961) і «Запомнім гэты дзень» (з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1967).

     Памёр у ноч на 4 лютага 1978 у санаторыі ў Нясьвіжы, пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках.

      Імем Куляшова названыя Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, школы ў Менску і Саматэвічах. У в. Новыя Саматэвічы Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці знаходзіцца літаратурны музэй імя А. Куляшова. Іменем Аркадзя Куляшова названыя вуліцы ў Менску ды Магілёве. Мэмарыяльную дошку ўсталявалі ў Менску на доме, дзе ён жыў.

    Паважаныя чытачы! З творамі А. Куляшова вы можаце пазнаёміцца ў бібліятэцы нашага ліцэя.